У розных краін, як і ў розных людзей,
Характары розныя, і гербы розныя.
У каго – маладзік, у каго – леў,
Ёсць арлы і мядзведзі, ёсць зброя грозная…
А ў маёй Беларусі Герб – як песня,
Якую спяваюць промні ўсходу,
Гэтыя промні планету песцяць
І свецяць ясна майму народу.
А ў маёй Беларусі Герб – як вяночак,
Сплецены з кветак ільну, канюшыны,
На пшанічна-жытнёвых косах дзявочых
Маладой і прыгожай маёй краіны.
І нібы шэпча калоссе спелае,
Стужкай чырвона-зялёнай спавітае:
“Беларусы – шчырыя. Беларусы – смелыя.
Беларусы – мірныя і працавітыя.”
А яшчэ мне ў ім бачацца рукі матуліны,
Яны краіну-калыску люляюць,
Іх пяшчотай і клопатам дзеці атулены,
Якія ў краіне маёй вырастаюць.
|
А яшчэ я ў ім бачу птушыныя крылы,
І адчуваю сябе птушанём,
Якому адкрыты жыццёвы вырай,
І ёсць надзейны і ўтульны дом.
А ў маёй Беларусі на Гербе – зорка.
Яна – як памяць, як боль народны.
Аб той вайне, аб тым часе горкім,
Калі загінуў кожны чацвёрты…
І калі яшчэ недзе на свеце ёсць
Той, каму ў сваім доме цесна,
Хай пачуе няпрошаны кожны госць,
Параду ад чыстага сэрца:
Не прыходзьце да нас з вайной на парог,
Ні адзін нас вораг не перамог
І ніколі не пераможа.
Ніхто. Ніколі. Не зможа.
Золата хлеба, памяць нашчадкаў,
Лён сінявокі, пах канюшыны,
Шчырыя людзі, мірныя мары -
Герб маёй краіны.
|